ТЭМА ГОДА

 

ПАЎНОЧНАЯ ЕЎРОПА Ў СВЕЦЕ

Сёлета Тыдзень літаратуры краін Паўночнай Еўропы запрашае дзяцей, падлеткаў і дарослых паразважаць над пытаннямі: "Што значыць быць грамадзянамі свету? Як знайсці ў свеце сваё месца?". Частка паўночнаеўрапейскай спадчыны - быць вандроўнікамі, сляды паўночных еўрапейцаў можна пабачыць у незлічоных кутках свету. Гэтыя сляды можна знайсці ва ўсім: ад гістарычных знаходак са старажытнага часу вікінгаў да паўночнаеўрапейскага культурнага ўкладу пасля вялікіх ці малых хваль эміграцыі.


Людзей на Зямлі 8 мільярдаў, і мы разам будуем свой свет. Мы можам перамяшчацца па свеце ад роднага і блізкага - да чужога і невядомага. Падарожжы могуць быць кароткімі ці доўгімі, на пэўны час або назаўсёды. Свет можа здавацца бясконцым ці даволі маленькім, але адно можна сказаць дакладна: ўсе 8 мільярдаў людзей за сваё жыццё ствараюць свой унікальны свет, і ўсе нясуць з сабой сваю ўнікальную гісторыю.



Убачыць свет праз літаратуру

Чытанне - гэта фантастычны спосаб адначасна падарожнічаць па свеце і даведацца пра яго. У літаратуры можна здзівіцца невядомым месцам ці павярнуцца туды, дзе мы раней былі, і ўбачыць адрозненні і падабенствы да нашай уласнай культуры і будзённасці. Праз літаратуру і ўласцівую нам фантазію мы можам адляцець на незлічоныя кіламетры ад свайго дому. Мы быццам бы знаходзімся разам з пісьменнікам ці пісьменніцай: мы бачым і чуем, удыхаем пахі, даследуем тэмы і вучымся. І на гэтым шляху нам часта даводзіцца і смяяцца, і плакаць.


Свет у кнігах, абраных для чытання сёлета 

 

Падчас  світальных чытанняў для дзяцей наймалодшыя з нас могуць пазнаёміцца з кнігай, якая атрымала леташнюю прэмію Паўночнай рады ў галіне дзіцячай і юнацкай літаратуры, - «Усе лічацца» Крыстын Рушыфтэ. Назва кнігі мае прыгожую дваістасць: яна паказвае, што гэта кніга-лічылка, і адначасна падкрэслівае, што кожная асоба лічыцца, мае каштоўнасць. К. Рушыфтэ ўшаноўвае адрозненні паміж людзьмі і паказвае разнастайнасць людзей, якімі мы сябе акружаем.


Падчас  світальных чытанняў для падлеткаў моладзь можа далучыцца да прыгодаў кнігі «Малпа забойцы» Якаба Вегеліуса (Швецыя). Гэты раман атрымаў прэмію Паўночнай рады ў галіне дзіцячай і юнацкай літаратуры ў 2015 годзе, ён з'яўляецца працягам «Легенды пра Салі Джонс», добра прынятай крытыкай. У гэтай кнізе мы сочым за малпай Салі Джонс, якая апынулася ў Лісабоне, сталіцы Партугаліі, і мы бачым і дабрату, і жорсткасць на яе шляху, калі яна спрабуе дапамагчы свайму найлепшаму сябру, фінскаму капітану Генры Коскеле.


Падчас  змяркальных чытанняў дарослыя могуць пазнаёміцца з часткай рамана «Шнар» Ойдур Авы Олафсдоттыр (Ісландыя). Раман атрымаў літаратурную прэмію Паўночнай рады ў 2018 годзе. Гэта гісторыя пра тое, як унутраны і знешні свет можа абрушыцца і зноў адбудавацца. У кнізе мы чытаем пра Ёўнаса Эбенезера, мужчыну сярэдняга ўзросту, поўнага смутку і адчаю. Ён вырашае пакінуць свой дом у Ісландыі і паехаць у краіну, спустошаную вайной. Яго мэта - пакончыць з сабой. Ён дае сабе на гэта сем дзён, і за гэты час ён адкрывае невядомыя яму раней рэчы і пра свае, і пра чужыя шнары. «Маленькая кніга з вялікай душой, поўная тонкага гумару».